БАРБА́РА РАДЗІВІ́Л

(6.12.1520—8.5.1551),

каралева Польшчы і вял. княгіня ВКЛ (1550—51). Другая жонка Жыгімонта II Аўгуста. Дачка падчашага ВКЛ (пазней кашталяна віленскага і вял. гетмана ВКЛ) Юрыя Радзівіла. У 1537 аддадзена замуж па маёмасных меркаваннях за новагародскага (пазней трокскага) ваяводу Станіслава Гаштольда. Пасля яго смерці сышлася з Жыгімонтам Аўгустам (1543). Пачуцці вял. князя да Барбары Радзівіл імкнуліся выкарыстаць для ўзмацнення ўласных пазіцый яе брат Мікалай Радзівіл Руды і стрыечны брат Мікалай Радзівіл Чорны. Пад іх націскам у 1547 у Вільні адбылося патаемнае вянчанне Барбары Радзівіл з Жыгімонтам Аўгустам. Пасля заняцця апошнім трона караля польскага (1548) супраць гэтага шлюбу выступілі шматлікая шляхта і магнаты, незадаволеныя ростам уплывовасці Радзівілаў і знявагай каралеўскай годнасці няроўным шлюбам. Рашуча супраць Барбары Радзівіл была настроена каралева польская і вял. княгіня ВКЛ Бона Сфорца. Сойм у Пётркаве (1548) выступаў за скасаванне шлюбу, але Жыгімонт Аўгуст дамогся яго афіц. прызнання, пагражаючы адрачэннем ад трона і заключыўшы саюз з Габсбургамі. Барбара Радзівіл была каранавана ў Кракаве 5.12.1550, але ў хуткім часе памерла. Пахавана ў Віленскім кафедральным саборы. Гісторыі рамантычнага кахання Барбары Радзівіл з Жыгімонтам Аўгустам прысвечаны шматлікія маст. Творы.

т. 2, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)